Frame 488

Кампанія ў падтрымку Юрася Юркевіча

Беларуская Рада культуры абвяшчае кампанію ў падтрымку знакавага беларускага даследчыка і актывіста, планы якога раптоўна перарваў цяжкі дыягназ. Тэкст дапоўнены.

Дарагія сябры,

мы звяртаемся да вас з просьбай аб падтрымцы нашага блізкага чалавека — Юрася Юркевіча.

Беларус, народжаны ў Эстоніі, Юрась усю сваю энергію прысвяціў працы на карысць Беларусі.  Яго даследчыцкая і грамадская дзейнасць заўсёды была цесна звязаная з беларускай тэматыкай, правамі чалавека і падтрымкай грамадзянскай супольнасці. Ён сам імкнуўся адгукнуцца на патрэбы іншых людзей, разам з жонкай Настай шмат каму дапамог з рэпрэсаваных дзеячаў культуры ў межах працы нашага кірунку дапамогі. Увосень Юрась узяўся за грунтоўную навуковую працу пра культурнае вынішчэнне беларускай нацыі для Лонданскага ўніверсітэта.  

Аднак, амбітныя планы і задумы прыйшлося паставіць на паўзу. Пры канцы 2025 года ў Юрася выявілі пухліну мозгу. Дыягназ аказаўся вельмі цяжкім — злаякасная гліабластома. У снежні была праведзеная складаная нейрахірургічная аперацыя, пасля якой Юрась сутыкнуўся з глыбокай афазіяй — стратай маўлення і пісьма, а таксама з парушэннем функцый правай рукі. Цяпер яму неабходная працяглая неўралагічная і лагапедычная рэабілітацыя.

Адначасова наперадзе як мінімум шэсць курсаў хімія- і радыётэрапіі. Гэта патрабуе вялікіх фізічных сіл, але таксама значных фінансавых выдаткаў. Увесь фінансавы цяжар ляжыць на сям’і, даходы якой несумерныя тратам на лячэнне і рэабілітацыю.

Таму мы звяртаемся з просьбай аб падтрымцы. Кожны ўнёсак мае значэнне і дапаможа Юрасю засяродзіцца на барацьбе за жыццё і аднаўленні. 

Мэта збору – 15 000 еўра, якія мы спадзяемся сабраць для Юрася. Гэтыя грошы пойдуць на кансультацыі спецыялістаў, рэабілітацыю (фізіятэрапеўт і нейралагапед), медыкаменты, якія спадарожнічаюць асноўнаму лячэнню і патрэбныя для аднаўлення падчас і паміж складанымі курсамі хімія- і радыётэрапіі.

Для гэтых патрэбаў Беларуская Рада культуры адкрыла асобны рахунак. Усе сродкі, якія паступяць на яго – будуць перададзеныя непасрэдна Юрасю і Насце, без % і камісій на абслугоўванне.

Калі ў вас ёсць пытанні па гэтай сітуацыі, можна звярнуцца на мэйл rada_help@byculture.org

Юрась Юркевіч на прэзентацыі сваёй кнігі “Балахоўцы”, 2014 год, фота Радыё Свабода

Вось толькі некалькі з важных справаў Юрася Юркевіча: 

  • арганізаваў перадачу ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе дакументаў пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі (сумесна з “Вясной”, BelPol і украінскімі партнёрамі)
  • як даследчык – адшукаў кіна-архівы Станіслава Булак-Булаховіча і фота з гісторыі Асобнага атраду БНР (выдадзеныя ў кнізе Алега Латышонка “Жаўнеры БНР”), выдаў кнігу “Балахоўцы” (выйшла як асобны нумар часопіса Arche);
  • як актывіст – ініцыятар усталявання мэмарыяльнай дошкі на будынку ў Таліне, дзе ў 1920 годзе знаходзілася Амбасада БНР у Эстоніі, ініцыятар усталявання мемарыяльнай шыльды ў гонар Францішка Багушэвіча ў Вільні;  
  • як мэнеджар і крэйтэр – спрычыніўся да з’яўлення важных беларускіх медыйных незалежных праектаў (“Tok” на nn.by, “Нацыянальная ідэя” на Еўрарадыё, Маланка Media ды інш.);
  • як эксперт у галіне правоў чалавека – удзельнічаў у стварэнні платформы грамадзянскага кантролю “Зубр”, якая задакументавала парушэнні закона на прэзідэнцкіх выбарах-2020.

UPD: Літаральна за некалькі дзён мэта збору была дасягнутая. 

15 000 EUR сабраныя, 330 чалавек зрабілі пералікі і падтрымалі Юрася ў самы цяжкі момант. Дзякуй кожнаму і кожнай. Вашая падтрымка – рэальная дапамога і вялікая чалавечая сіла.

Мы не закрываем гэты збор.

Падтрымаць Юрася Юркевіча можна тут.

SUPPORT THE CAMPAIGN BY CLICKING THE LINK BELOW

Беларуская Рада культуры

Таксама паглядзіце

Праграма ArtPower Belarus завяршыла другі этап конкурснага адбору па Трэку 2 (Творчыя праекты). Па выніках ацэнкі 16 незалежных экспертаў і фінальнага рашэння …

У выпадку, калі вам належыць вяртанне падаходнага падатку, ёсць магчымасць скіраваць частку гэтай сумы Беларускай Радзе культуры. Так вы падтрымаеце творцаў у …